Ёсць паданне вякоў, што разбурыць калісь
Вавілонскую вежу Адам...
І няўмольна сальюцца мовы зямлі
У адну, народную нам.
І мая безвыходна пойдзе ў змрок,
У атрутны, як вечнасць, цень,
Трапяткая i сiняя, як васiлёк,
Гарачая, як прамень.
Я ні шчасця, ні доўгіх год не жадзён.
Хай пятля, хай памерцi ў журбе,
Хай не будзе ні шчасця, ні будучых дзён,
Калі ў іх не будзе цябе.
Сiрата па з'едлiвай волi багоў,
Гiнучы мой карабель,
Хай не будзе світання ў народа майго,
Калі досвіткам здрадзіць табе!
І няхай да мяне не прыйдзе вясна,
Шчасце, песня, каханне, спакой, -
Ўсё адно не змяняю твой чорны праснак
На атруту пшаніцы чужой.
Ад палеткаў райскіх лёгкай ступой
Збочу я да пякельных катлоў,
Калі першы ж анёл на мове маёй
Мне не скажа: "Братка, здароў!"
Той, хто схоча хоць слова тваё разбурыць,
Хай раней у апошнім баю
Возьме смерцю і полымем тры муры:
Цела, сэрца, песню маю.
Ты мой жытнi хлеб i каханы май,
Песня продкаў, нашчадкаў палі.
Без цябе, не з табой - не патрэбен мне рай
На душы,
Ў небясi,
На зямлі.
Отличная работа. Спасибо. Я восхищена. Заходите в гости. Приятно было познакомиться. Заходите на огонек!. Город Ельск Гомельской. С уважением Екатерина