Вядома, што пісьменнасць, у даўнія часы, была набыткам прывілеяванай класы. Пушкін, Міцкевіч, Гогаль, Багушэвіч былі даступныя толькі эліце краіны: дваранству, шляхце, кліру. Гэтыя людзі не толькі ўмелі чытаць-пісаць, але маглі і ацаніць творы прыгожага пісьменства. А большасць насельніцтва краіны, будзь то Расія, Францыя, ці тагачасная Беларусь, былі не пісьменныя – не ведалі граматы. Часы мяняліся, савецкая ўлада прынесла лікбез і ўсеагульную адукацыю, па сённяшні дзень гэта ставіцца ёй у заслугу (і як толькі Еўропа ў гэтым пытанні рады дала…?). У сённяшні час і таго болей, хутка, амаль палова насельніцтва нашай краіны будзе мець Вышэйшую адукацыю. Усе пагалоў пісьменныя, усе кругом разумныя. Але…
Тыражы кніг падаюць – ні хто не купляе, не чытае. Падпіска на газеты пад прымусам, у бібліятэках, амаль адны студэнты, тэатры паўпарожнія. Калі катыруюцца пісьменнікі дык тыя, якія пякуць па дзясятак пасрэдных дэтэктываў штогод. Літаратура робіцца аднаразовай, смеццевай. Тыраж кніг, над якімі трэба падумаць, асэнсаваць, добра, калі да 500 асобнікаў даходзіць. Літаратурная жуйка – сотнямі тысяч… Усе пісьменныя, а пісьменнасць на нулі! Сакрэт ў тым, што за сотні год, так нічога і не змянілася – сапраўдная пісьменнасць засталася здабыткам эліты. Большасць народу, так і засталася цёмнай, не адукаванай масай. Мала хто умее па-сапраўднаму разважаць, супастаўляць, удумвацца. Падаецца, што ні сярэдняя школа, ні ВУЗ не ў стане гэтаму навучыць. Народу літары і лічбы дзеля іншага дадзены. Ім яны патрэбны, каб ведаць, хто з “зорак” зацяжарыў, ці падраўся. Дзе купіць, што апрануць. Друкаваны тэкст для іх носіць цалкам утылітарную функцыю. Максімум – лёгка-забаўляльную. Тэкст, які патрабуе хоць нейкага душэўнага ці разумовага напружання, адразу адпрэчваецца. Той жа Гогаль, цяпер даступны кожнаму, а хто яго разумее? А вось фільм, “Тарас Бульба” зразумелы кожнаму.
Часта чуюцца нараканні: каму патрэбна паэзія, навошта раман! Нам яны патрэбны. Яны патрэбны, той эліце, якая не развучылася чытаць па сапраўднаму, якая зможа ацаніць і Купалу, і Глобуса. Масы не прымусіш думаць, не прымусіш чытаць. Іх трэба выхоўваць, вучыць. Школьнага лікбезу тут мала. Патрэбны маральны лікбез. Не патуранне волі натоўпу, а яго выхаванне. У ідэале, гэтым павінна займацца дзяржава, але ў аўтарытарнай дзяржавы, іншыя мэты - ёй патрэбны бяздумны статак. Таму ўся надзея, на тых, каго называюць гнілымі інтэлегенцікамі, ці на сучасны манер – інтэлектуаламі. Не гледзячы на ўсю, здавалася, марнасць гэтага працэсу, усё-ткі трэба імкнуцца да перавыхавання бяздумнай масы народа, на сапраўдных грамадзян. Менавіта у гэтым сэнс існавання эліты нацыі.