Ад прадзедаў спакон вякоў
Мне засталася спадчына
Паміж сваіх і чужакоў
Яна мне ласкай матчынай.
Аб ёй мне баюць казкі-сны
Вясеньнія праталіны,
I лесу шэлест верасны,
I ў полі дуб апалены.
Аб ёй мне будзіць успамін
На ліпе бусел клёкатам
I той стары амшалы тын,
Што лёг ля вёсак покатам
I тое нуднае ягнят
Бляяньне-зоў на пасьбішчы,
I крык вароніных грамад
На могілкавым кладзьбішчы.
I ў белы дзень, і ў чорну ноч
Я ўсьцяж раблю агледзіны,
Ці гэты скарб ня збрыў дзе проч,
Ці трутнем ён ня зьедзены.
Нашу яго ў жывой душы,
Як вечны сьветач-полымя,
Што сярод цемры і глушы
Мне сьвеціць між вандоламі.
Жыве зь ім дум маіх сям'я
I сьніць зь ім сны нязводныя...
Завецца-ж спадчына мая
Ўсяго Старонкай Роднаю.
Янка Купала
...
*******
...
Бывай, абуджаная сэрцам, дарагая!
Чаму так горка, не магу я зразумець...
Шкада заранкi мне, што ў небе дагарае
На ўсходзе дня майго, якому ружавець.
Пайшла, нiколi ўже не вернешся, Алеся,
Бывай, смуглявая, каханая, бывай!
Стаю на ростанях былых, а з паднябесься
Самотным жаўранкам звiнiць i плача май.
Пайшла, пакiнуўшы мне золкi i туманы,
Палынный жаль смугой ахутаных дарог.
Каб я хвiлiнаю нанесеныя раны
Гадамi ў сэрцы заглушыць сваiм не мог!
Пайшла, ніколі ўжо не вернешся, Алеся.
Бывай смуглявая, каханая, бывай.
Стаю на ростанях былых, а з паднябесься
Самотным жаўранкам зьвініць і плача май.
А. Кулешов
...
*******
...
Заплакала ноч. I сьлязiны
Дажджу расплываюцца ў цем.
Вецер асеньнi ў язьмiнах
Цьвет каля вокнаў мяце.
I ў цемрадзi думка-зарнiца
Назойна трывожыць мяне.
Мне душна ў самоце. Ня сьпiцца.
Няўжо я ў прыгожай мане?
У восенi шэрае раньне
Вiхор цьвят язьмiнаў зьмяце...
Няўжо толькi ў песьнях каханьне,
А ў сьвеце i холад i цем?
...
Калi кахаеш, -
Ты пазнаеш
I хараство,
I сьмелы ўзьлёт.
I можна верыць,
Што i перац
Салодкiм станецца,
Як мёд.
А дзе распуста -
Брудна, пуста.
I там Эрот,
Як блудны сын.
Нi хараства,
Нi сноў,
Нi ўзьлёту.
I мёд -
Як чэмер,
Як палын.
...
Вясна, усьмешкi, цьвет геранi...
Навошта гэткае ў паэзii?
Мы будзем рэчы, што ў загане,
Сьвяцiць маланкаю магнэзii.
Мне гэта кажуць сёньня тыя,
Што пачуцьцё гадуюць дзiкае.
I думкi брудныя, пустыя.
Яны - нi з ружай, нi з гвазьдзiкаю.
Iм ня герань, а гераiня
Ад гераiну ачмурэлая...
Праходзiць тручанай пустыняй
Мараль грубая, закарэлая.
А я ўзышоў на тую сьцежку,
Дзе маладосьць пяе вячыстае:
Вясну, i ветлiвую ўсьмешку,
I жар каханьня, i ўсё чыстае.
...
Нiяк не магу я зьмiрыцца -
Учора гарачку пароў.
I словы кранала макрыца,
I п'яўка высмоктвала кроў.
Ня трэба дакораў, калючак.
Раскаяцца сэрцам дазволь.
Пакрыўдзiў цябе... Мне балюча.
Вiну завiнаю ў свой боль.
...
На паўднi на сонцы грэюся.
А найлепшым сонцам для мяне -
Гэта ты, з усьмешкай верасьня,
На маёй запозьненай вясьне.
...
На бацькаўшчыне бурная паводка
I там мая пакiнутая лодка.
I пуста ў ёй. Расьце прыбой...
Як ты жывеш? I хто з табой?..
Рыгор Крушына
...
*******
...
Ідуць касцы, ідуць, як хмары,
I льецца смех іх разудалы,
Як веснавыя перавалы.
Гаворка, шум і коней ржанне —
Касьбы вясёлае вітанне.
Касцы, ваякі мірнай працы,
Выходзяць з косамі на пляцы,
I на палоскі верставыя
Кладуцца коскі іх крывыя —
Пайшлі праверкі і прамеры,
Каб больш мець пэўнасці і веры
I каб не выйшла перакосу
I не зайсці ў чыю палосу,
Бо будзе крыку, будзе сваркі,—
Няхай лепш цэлы будуць каркі.
Але бывалі ўсё ж здарэнні,
Што вынікалі абурэнні.
Калі ў траве хто брод вядзе
Ды трохі ў шнур чужы ўбрыдзе,—
Тады касцы страх як крычалі
I мацярок упаміналі.
Эх, час касьбы, вясёлы час!
I я ім цешыўся не раз,
I з таго часу па сягоння
Мне сонцам свеціць Наднямонне.
Касцы расходзяцца па гаку,
Як бы ідуць яны ў атаку,
I жыва менцяць свае косы;
I ткуцца здольныя пракосы,
Лажацца роўнымі радамі,
А за касцом двума слядамі
Адбіткі ног яго кладуцца,
А косы свішчуць і смяюцца.
Якуб Колас
...
*******
...
Цёплай згадкай на клёнах
Адгалосак гадоў...
У прысадах зялёных
Пераклiчка драздоў.
Гул далёкi трамваю
I жыцьця сумятня.
Я цяпер адчуваю,
Што за цуд цiшыня.
...
Не кажы мне казак-нябылiцаў,
Галава хварэцьме ад хлусьнi.
Калi цяжка праўдай агалiцца, -
Лепш прыкрыйся коўдрай i засьнi.
А назаўтра ранiцай прызнайся,
Мой давер i шчырасьць знойдзеш ты.
Мы з табой, здаецца, на Парнасе.
Я-ж таксама грэшны - не сьвяты.
...
Пугай вогненнай
Ляснуў пярун.
Ён спрадвечны пастух.
I над хмарай- атарай авечак
Блiскавiцай зiхцеў,
У прасторы бязьмежнай грымеў.
Разьняволены
Выйшаў бурун.
Гэтак жудасна, ух!
Ты ў душы запалiла сем сьвечак.
Ды на жаль, я зьнямеў,
Я нiводнае сьвечкi ня меў.
...
Зачаравала ты мяне.
Гляджу, як на Вэнэру.
Цi радасьць гэтая ўва сьне?
I веру, i ня веру.
I я свой твар мiж белых скал
Тваiх грудзей хаваю.
Якая сiла i запал
Стаяць ля брамы раю!
...
Сёньня моцна я словам хвалююся -
Радасьць мая расьце.
Я прыбоем няўсьцiшаным чуюся
На лiсьце.
Так, тут мора шумiць i хвалюецца -
Белы прыбой расьце,
Узьнiмаецца, дэсань малюецца
На хвасьце.
Гэта ў новае, можа ў нязнанае
Плешчацца пенны хвост.
I Бог ведае, цi ня ўстану я
На ўвесь рост.
...
Вось гэтак я пiшу:
Радок запалымнее
Ды схопiць за душу.
Тут бачу на сьцяне я
Ад лямпы доўгi цень.
Ага! двайнiк са мною.
Мой лёгкi мiгацень
Матае галавою.
I ўжо другi радок,
I трэйцi неўзабаве.
I шалясьцiць лiсток
На слове i на славе.
I лiтары страфой
Сьмяюцца на паперы,
А цень мой на шпалеры
Матае галавой.
Дык заўтра дапiшу!
Сягоньня стаўлю кропку.
Я лямпу пагашу,
Нацiснуўшы на кнопку.
Шух! Зьнiкнi, мой двайнiк...
...
Мастацтва мне мерка маралi,
Маўклiвая мэта мая:
Мне мары мiраж малявалi -
Мiжземнае мора, маяк...
Магла маладосьць мудрагелiць,
Мадэрнiчаць, мову мяздрыць,
Макухай малочных мяцелiц
Малое мясьцi, матлашыць.
Мастацтва мне мерка маралi,
Маўклiвая мэта амя.
Мне мары маркотна мiргалi:
Мiнулае - мiрсьць матыля.
...
Ня дай Божа
Бездарожжа:
Што прыгожа -
Збрыдзiць можа.
Што разумна -
Згiне сумна.
Бросьня, слота,
Гразь, балота.
Боль слабога -
Быт бяз Бога.
Дзе я? Дзе ты?
Цi-ж бяз мэты?
Адчуваю
Моц я маю:
У край з краю
Шлях трымаю.
Ёсьць падзеi
I надзеi...
Ня дай Божа
Бездарожжа.
...
Ты дурное не прароч,
Адыйдзi з гаворкаю.
Не глядзiць у вочы ноч
Ледзяною зоркаю.
Мая зорка не ўначы,
Зьзяньне не халоднае,
I таму я зьберагчы
Мог цяпло лагоднае.
Патрывожылi гады
Думку прамянiстую:
Хай галодны, хай худы,
А за праўду чыстую.
I я часам сам ня свой,
I душа ня мiрыцца,
Калi ў лiрыцы застой,
I няшчырасьць шырыцца.
Ты дурное не прароч,
Можа добра станецца.
Не глядзiць маўклiва ноч,
А сьпявае ранiца.
...
Я вiтаю, я пяю
Родную, жаданую.
Мару цёплую маю,
Радасьць прытаптаную
Непакорная душа
Не пакрыла плесьняю.
Я ў грыбы i без каша...
Цiша цешыць песьняю.
Цешыць песьняю мяне.
Чую я няўлоўнае,
Сiратлiвае ў сасьне,
Штосьцi блiзка-кроўнае.
Вялiчэзны хвойны лес
У зялёнай тунiцы
Шыгальлем мне ў сэрца ўлез,
Смольным пахам тулiцца.
Радасьць даўная мая
Будзе сёння дзейснаю.
Ветла бор пяе, i я
Падтрымаю песьняю.
...
Пруцянеюць пачуцьцi.
Разбэшчаны розум
На сьвет выкiдае
Блiскучае глупства.
Мурашкi сьмяюцца,
Рагочуць мурашкi.
Ня верыш?
Зiрнi ты на iх
У мiкраскоп.
I ня проста, як вучань,
А вокам паэтавым.
Сьмяюцца мурашкi.
Яны, мiтусьлiвыя,
Сьмяюцца
З людзкой велiчы,
З людзкой мiзэрнасьцi.
...
Ценi ў чорным мiгаценьнi:
Катастрофы, пошасьць, голад...
А чаму не ў зiхаценьнi
Днi, дзе ў сонечным праменьнi
Гiнуць цемра, сум i холад?
А чаму ня песьцiць згадкi
Хараства i добрых чынаў?
Хай зьнiкае вобраз гадкi,
Хай адновяцца парадкi,
Як прычына ўсiх прычынаў.
Ценi ў чорным мiгаценьнi.
Лепш ня бачыць iх, пазбыцца, -
Жыць у сьветлым лятуценьнi,
Зьведаць радасьць, i ў натхненьнi
Ня мыляцца, а малiцца.
...
Гартаю я кнiгу зямнога жыцьця:
Дарогi,
змаганьне,
любоў i турботы.
Да старасьцi можна
прыймаць, як дзiця,
Уцеху i радасьць.
Прыйшла. На плячо ты
Кладзеш мне далонь i гаворыш:
- Твой лёс
Такi каляровы,
хоць жорсткi, трывожны!
Гляджу на цябе
праз крышталiны сьлёз,
Iзноў навяваецца водар мурожны.
I вобраз выростае краю майго.
Я чую твой голас жывой маладосьцi.
Ня трэба пытацца, цi страцiў чаго.
З табой
на чужыне
знайшоў я чагосьцi.
...
Душа людзкая адчувае
Цяпло дабра i хараства,
Сьпявае сьвятлая, жывая,
Як на Вялiкаднi царква.
А сьвет яшчэ недасканалы!
Пад цьветам - гад. I лiпкi спрут
Праходзiць цёмныя каналы,
Каб перабрацца ў сьветлы кут.
Нiшто яму закон i права,
Кладзе ён чорную пячаць.
I памiж намi гiне справа,
Якую мы маглi пачаць.
Ёсьць людзi добрыя, напэўна...
Праменьнем тчэцца дзён кiлiм.
I можна-б цешыцца душэўна
Суседнiм шчасьцем i сваiм.
Ды чорт вярхом на спруце едзе,
I спрут нясе атрутны бруд.
Ён тут, паўзе ён блiзка недзе.
Цiшком... Злавесны, гiдкi спрут.
...
Згарае сьпякотны дзень,
I душна вакол, i млява.
I ты стаiш, як цень,
Мая патаптаная слава.
Зычлiвец злосны мяне
Кляне i бразгае зброяй:
Чаму на сусьветнай вайне
Я грэўся песьняй i мрояй?
Чаму я цяпер iзноў,
Мiнаючы леты i хiласьць,
Пяю пра каханьне, любоў,
Шаную людзкую мiласьць?
Мяне разумее паэт
I той, хто ня лезе ў балота.
Iду я ў шырокi сьвет.
Шукае праўды iстота.
Таму на чужыне я,
I ўсё дарагое пакiнуў.
Таму ўся мая сям'я
Жыве толькi ў коле ўспамiнаў.
Таму i сьпякотны дзень,
I душна вакол, i млява.
I ты стаiш, як цень,
Мая незайздросная слава.
...
Днi радасьцi на ўзбоччы -
Ў далонi ты ня пляскай!
Каханьне мае вочы
З чароўнаю павязкай.
А прыйдзе без павязкi,
На жаль, занадта позна.
Душа рассыпле краскi,
Ды ў тэй вясьне марозна.
...
Днi радасьцi на ўзбоччы -
Ў далонi ты ня пляскай!
Каханьне мае вочы
З чароўнаю павязкай.
Павязка будзе зьнята,
На жаль, занадта позна.
Душой пазнаеш сьвята,
А ў сэрцы ўсё-ж марозна.
...
Калi пачуцьцi граюць мной
I ўсхвалявана, прагна, сьпешна
Зрываюць сон, шумяць вясной -
Мне маладосьць згадаць уцешна.
Зноў разгараецца настрой,
Жывым цяплом сьпявае цела.
А гэткай песеннай парой
Ты мамай стацца захацела...
Аб гэтым голасна ня кажуць,
Аб гэтым думкi вузел вяжуць.
...
Вецер падзьме, набягаючы, з мора -
Згiне сьпякотная млявасьць i змора.
Сонца i сiнь. I гарачыя сны.
Дзесьцi хаваецца край мой лясны.
Край мiлых красак, iмклiвых шуканьняў, -
Накiп надзей i цярплiвых чаканьняў.
Я без цябе размаўляю з табой,
Чую твой голас i морскi прыбой.
...
Пазнаў я мастацтва ня ў школе,
Мне пелi лясы i лугi.
Прыносiла мне навакольле
Спакой i настрой неблагi.
Мой дзень неспакойны, палётны! -
Гаворыць людзкая пастаць.
Дарогi мне сьцеляць палотны,
I вобразы могуць паўстаць.
Я маю характар вясёлы,
I памяць - як вузел тугi.
А ўспомню палескiя сёлы -
Нiяк не пазбыцца тугi.
...
Смага радасьцi i шчасьця! Ты, паклiканая мной,
У праменьнi-зiхаценьнi. Грудзi дыхаюць вясной.
Я з табой. Я адчуваю маладосьцi прыварот.
Я сьпяваю. Слова грае ясным цудам, навiной.
Я ў шырокiм захапленьнi... Я бязьвiнны, i зь вiной -
Ты прымай мяне. Любоўна адгукнiся даўнiной.
Мы напэўна прыгадаем, як стаялi ля варот,
Як на зоркi пазiралi разам - з думкаю адной.
Рыгор Крушына
...
*******
...
Ад прадзедаў спакон вякоў
Мне засталася спадчына
Паміж сваіх і чужакоў
Яна мне ласкай матчынай.
Аб ёй мне баюць казкі-сны
Вясеньнія праталіны,
I лесу шэлест верасны,
I ў полі дуб апалены.
Аб ёй мне будзіць успамін
На ліпе бусел клёкатам
I той стары амшалы тын,
Што лёг ля вёсак покатам
I тое нуднае ягнят
Бляяньне-зоў на пасьбішчы,
I крык вароніных грамад
На могілкавым кладзьбішчы.
I ў белы дзень, і ў чорну ноч
Я ўсьцяж раблю агледзіны,
Ці гэты скарб ня збрыў дзе проч,
Ці трутнем ён ня зьедзены.
Нашу яго ў жывой душы,
Як вечны сьветач-полымя,
Што сярод цемры і глушы
Мне сьвеціць між вандоламі.
Жыве зь ім дум маіх сям'я
I сьніць зь ім сны нязводныя...
Завецца-ж спадчына мая
Ўсяго Старонкай Роднаю.
Янка Купала
...
*******
...
Текст : Янка Купала, Аркадзь Кулешов, Рыгор Крушына, Якуб Колас