Залатая чара.
(на верш Адама Міцкевіча. "ПЕСНЯ ФІЛАРЭТАЎ")
Гэй, знікні, суму хмара!
Жывём мы толькі раз.
Хай залатая чара
Нямарна вабіць нас.
Пускай яе па кругу,
Падай у рукі другу,
Бяры і пі да дна,
Дзе глыб жыцця відна.
І не мялі пустое -
У чары добры мёд.
Спявайма толькі тое,
Што родны склаў народ.
Юрыстам, як дарунак,
Стаў келіх кругавы.
Падай цяпер руку нам,
А заўтра дай правы.
Хто гне метал і паліць -
Расплавіць працай час.
У залатым метале
Кіпіць віно для нас.
Той хімік па прызванню,
Мудрэц і жыццялюб,
Хто можа мёд кахання
Цягнуць з дзявочых губ.
Вучоным цыркуль мілы
І мёртвы бляск свяціл.
Для нас намераў сіла
Праўдзівей меры сіл.
Наш цыркуль - сэрцаў вера,
Імкненняў ясны дух.
Дабро - адна ў нас мера,
І дружба - болей двух.
Гэй, згінь ты, суму хмара!
Жывём мы толькі раз.
Стаіць, чакае чара,
Ды не чакае час…
Суммарный балл: 10
Проголосовало пользователей: 1
Балл суточного голосования: 0
Проголосовало пользователей: 0